Региональная сеть Сайт РУОСиТ УМК Виртуальный музей

/images/schoolnet_logo.gif

Учебно-методический кабинет

Главный адрес электронной почты! ;)
Оглавление
Новости schoolnet.by
«Пра цябе, мой родны горад, вёска, я з любоўю раскажу!»

ЗАЦВЯРДЖАЮ

Начальнік аддзела адукацыі
спорту і турызму

В.І. Матусевіч


 

Метадычныя рэкамендацыі
па правядзенні ўрока

«Пра цябе, мой родны горад, вёска, я з любоўю раскажу!»
першага верасня 2016 года


 

Мэта ўрока: фарміраваць у вучняў грамадзянскасць і патрыятызм, сацыяльную творчую актыўнасць, лідарскія якасці, імкненне быць карысным людзям, роднаму гораду, раёну, краіне.

 

Задачы:

*адукацыйная: развіццё патрыятызму ў свядомасці вучняў да малой радзімы, паглыбіць веды вучняў аб гісторыі, дасягненнях Дзяржынскага раёна;

*выхаваўчая: ствараць аб’ектыўную аснову для выхавання і любові да роднага краю, імкнення ўнесці свой уклад у паскоранасць сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна, удасканальваць навыкі зносін;

*развіццёвая: развіваць уменне працаваць з разнастайнымі крыніцамі інфармацыі, фарміраваць навыкі крытычнага мыслення, уменне аналізаваць, выдзяляць галоўнае, параўноўваць, абагульняць і рабіць вывады, развіваць памяць, увагу.


Месца правядзення: раённы гісторыка-краязнаўчы музей, кінатэатр, школа, школьны музей, дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў.

 

Форма правядзення:

формы і тыпы ўрокаў: урок-падарожжа, урок – інтэрактыўная гульня, урок-разважанне, урок – конкурс праектаў, урок-дыялог, урок-дыспут, урок ток- шоу “Пазіцыя”

Абсталяванне ўрока: камп’ютар, тэлевізар ЖКЛ, відэафільм аб Дзяржынску і Дзяржынскім раёне.

Выстава: карта Дзяржынскага раёна, фотаальбомы аб Дзяржынску і Дзяржынскім раёне, кніга “Памяць” (Дзяржынск і Дзяржынскі раён), Кніга Каруся Каганца “Паданні і легенды”, літаратурная Дзяржыншчына (выстава твораў пісьменікаў і паэтаў, ураджэнцаў Дзяржыншчыны), сямейныя фотаальбомы вучняў, цікавыя дакументы з гісторыі роду, фотаздымкі прыроды і помнікаў архітэктуры роднага горада, вёскі, малюнкі і вырабы вучняў, падборка раённай газеты “Узвышша”.

Госці мерапрыемства: прадстаўнік дзяржорганаў кіравання, дэпутат, удзельнік V Усебеларускага нацыянальнага сходу, спартсмен, дзеяч культуры, старшыня сельскага савета, кіраўнік прадпрыемства аграпрамысловай сферы і т.п.

 

Падрыхтоўчая работа:

Неабходна папярэдне вырашыць усе арганізацыйныя пытанні па правядзенні ўрока, запрашэнні гасцей.

Зараней педагог дае вучням заданне: вывучыць інфармацыю аб сацыяльна-эканамічным развіцці Дзяржынскага раёна, роднага горада, вёскі, падрыхтаваць пытанні для дыялога з госцем, узяць інтэрв’ю ў жыхароў горада (вёскі), прачытаць вершы па тэме ўрока, напісаць сачынне “Вобраз роднага горада, вёскі”

Да ўрока можна правесці выставу, падрыхтаваную вучнямі, педагогамі ўстановы адукацыі, звязаную з тэмай урока.

Урок праводзіцца ў інтэрактыўным рэжыме, прадугледжвае папярэднюю падрыхтоўку, патрабуе ад настаўніка мабільнасці і крэатыву.

Нататкі да ўрока-падарожжа, урока- інтэрактыўнай гульні

Дзень добры сонцу, дзень добры небу,

Роднай старонцы, духмянаму хлебу.

Ад чыстай крыніцы сцяжыначцы вузкай

І роднай зямлі беларускай.

Перад пачаткам урока дэманструецца відэаролік «Дзяржынскі раён».

Вучні выконваюць гімн Дзяржынска або той вёскі, населенага пункта, дзе знаходзіцца школа, іх родны дом (напрыклад, гімн в.Станькава, гімн г. Фаніпаля і г.д.)

Слова настаўніка.

Сёння ў нас важная нагода для сустрэчы – Дзень ведаў. І, як стала ўжо традыцыяй, першы ўрок у навучальным годзе мы прысвячаем нашай малой радзіме, цудоўнай, прыгожай, непаўторнай дзяржынскай зямлі, яе жыхарам. Мы пройдзем па вуліцам нашых гарадоў, вёсачак, зазірнём у далёкае мінулае і павандруем па сучасных вуліцах.

Тэма ўрока “Пра цябе, мой родны горад, вёска, я з любоўю раскажу”.

Прапаную здзейсніць падарожжа па дзяржынскай зямлі, а потым пабываць у тым населеным пункце, дзе вы жывяце.

Складаем візітную картку раёна

Матэрыял да візітоўкі.

Так, мы жывём, вучымся і працуем у Дзяржынскім раёне, які з’яўляецца маленькай часціцай нашай Радзімы - Беларусі, пяшчотнай і паэтычнай, яе ціхая абаяльнасць праяўляецца паступова: у мяккіх пералівах ранішняга неба над размытай лініяй гарызонта, у зеляніне, у водары сасновага бору, у сумным крыку жураўлёў. Прыгажосць Беларусі адкрываецца таму, хто можа спыніцца і адчуць навакольны свет: угледзьцеся ў блакітныя азёры – глыбокія вочы Беларусі - апусціце рукі ў прахалодную ваду ручая, схавайцеся ад цёплага дожджыка пад зялёную лапу елкі…

Наша Беларусь ніколі не страчвала сваю самабытнасць – яна нахілялася, як трава, пад ураганам заваяванняў, каб пасля зноў выправіцца і зазелянець.

Чаму мы называем Беларусь Радзімай?

(Таму, што тут мы нарадзіліся, таму, што яна родная.)

Наш Дзяржынскі раён размешчаны ў цэнтральнай частцы Мінскай вобласці. Утвораны 17 ліпеня 1924 года. Плошча раёна складае 1,2 тыс. квадратных кіламетраў. Насельніцтва – 61,8 тыс. чалавек. Тэрыторыя раёна ўключае горад Дзяржынск (раённы цэнтр) з насельніцтвам 26,1 тыс. чалавек, горад Фаніпаль – 13,3 тыс. чалавек, гарадскі пасёлак Негарэлае. У раёне 276 населеных пунктаў. Раён размешчаны ў межах Мінскай узвышанасці і Стаўбцоўскай раўніны. Дзяржынскі раён з’яўляецца водараздзелам двух буйных водных басейнаў – Чарнаморскага і Балтыйскага. Рака Уса, якая бярэ свой пачатак у падножжы гары Дзяржынскай, упадае ў Нёман і далей – у Балтыйскае мора. Рака Пціч, якая таксама мае выток побач з гарою, упадае ў раку Свіслач. І далей воды рэк упадаюць у Чорнае мора. Па тэрыторыі г.Дзяржынска працякае рака Няцеча, праходзіць чыгунка і аўтамагістраль Мінск – Брэст.

Дзяржыншчына – самабытны і маляўнічы край з багатай гісторыяй і культурнымі традыцыямі.

Сёння Дзяржынскі раён – гэта сучасны, развіты рэгіён Беларусі, для якога характэрна стабільнасць эканомікі, якасныя змены ў прамысловасці і аграрным сектары. Прадукцыя шэрагу прадпрыемстваў Дзяржыншчыны шырока вядома не толькі ў Беларусі і краінах СНД, але і ў далёкім замежжы.

Самым вялікім багаццем нашага краю з’яўляюцца людзі, працавітыя і таленавітыя, якія праславілі свой горад ваеннымі подзвігамі ў мінулым, людзі, якія ствараюць цяперашняе, закладваючы фундамент будучага.

Мы ганарымся нашай малой радзімай, любім яе і спадзяёмся, што гэту любоў раздзеліць з намі кожны, хто хоць аднойчы наведае гэту гасцінную зямлю.

 

Уявіце, што вы – экскурсаводы. Вам патрэбна правесці экскурсію для людзей з іншых рэгіёнаў Беларусі. Умоўна назавём іх гасцямі. Некалькі вучняў выступаюць у ролі экскурсаводаў, астатнія - у ролі гасцей Дзяржынскага раёна (ІНТЭРАКТЫЎНАЯ ГУЛЬНЯ, суправаджаецца мультымедыйнай прэзентацыяй). Экскурсавод разгортвае старонкі гісторыі, асаблівыя для нашага раёна.

Матэрыял для экскурсаводаў.

1.На тэрыторыі Дзяржынскага раёна размешчана найвышэйшая кропка ў Беларусі – гара Дзяржынская (345 метраў над узроўнем мора).

2. Раённы цэнтр з’яўляецца адзіным у рэспубліцы, які мае тры назвы – Дзяржынск, Крутагор’е, Койданава. Першая назва “Крутагор’е” (1146 год), так як паселішча размяшчалася ў пагорыстай мясцовасці. Наш райцэнтр – месца старадаўняе, абжытае, бярэ пачатак ад сівой даўніны. Прынята лічыць афіцыйнай датай яго заснавання 1146 год. І няхай лічба, як і першая назва паселішча – Крутагор’е мае супярэчлівы характар, але і яна ўскосна пацвярджае паважаны ўзрост нашага горада. Назва “Койданава”, паводле апошняй версіі, паходзіць ад старабеларускага слова “кеда”. Кеда – гэта каваль. На Беларусі слова “кеда” трансфармавалася ў слова “койда” – той жа каваль. А на Койданаўшчыне, як вядома, людзі здабывалі руду, аб чым сведчаць назвы вёсак – Рудня, Новая і Старая Рудзіца, Дзягільна. Так і ўзнікла назва “Койданава” – пасяленне кавалёў. Трэцюю назву горад атрымаў 29 чэрвеня 1932 года, калі Прэзідыум ЦВК СССР задаволіў хадайніцтва Прэзідыума ЦВК БССР і перайменаваў Койданаўскі раён у Дзяржынскі, а горад Койданава – у Дзяржынск (у гонар старшыні Усерасійскай Надзвычайнай Камісіі Ф.Э. Дзяржынскага, які нарадзіўся непадалёк).

3.Пасля падпісання Рыжскай мірнай дамовы 18 сакавіка 1921 года Дзяржаўная мяжа паміж РСФСР і Польшчай працягласцю каля 40 км праходзіла па тэрыторыі Койданаўшчыны. Чыгуначная станцыя “Негарэлае” стала пагранічнай. У той час гэта назва была пазначана на многіх геаграфічных картах свету. Станцыя выконвала ролю прамежкавага звяна чыгуначных зносін паміж Еўропай і Далёкім Усходам. З Негарэлага ва Уладзівасток, Іркуцк ішлі цягнікі (транссібірскі экспрэс “Негарэлае – Манчжурыя”); існаваў міжнародны экспрэс “Парыж – Негарэлае”. Праз Негарэлае праязджалі выдатныя дзеячы навукі і культуры. Яны спыняліся тут, хадзілі па вуліцах, размаўлялі з жыхарамі. У 1920-ых – 1930-ых гадах чатыры разы праязджаў Максім Горкі. Уладзімір Маякоўскі пакінуў радкі ў вершы “Яны і мы”: “На гарызонце – белае, снягі і Негарэлае”. Тут сустракалі таксама Валерыя Чкалава, Анры Барбюса, Ота Шміта.

4.У лютым 1930 года ў Койданаве была арганізавана першая ў рэспубліцы машынна-трактарная станцыя. Рашэнне аб будаўніцтве МТС менавіта ў Койданаве мела не толькі эканамічныя, але і палітычныя перадумовы. Койданаўскі раён быў пагранічным, і было важна, каб працэс калектывізацыі сельскай гаспадаркі адбываўся паспяхова.

5.У 1932 годзе ў Койданаўскім раёне праводзіцца эксперымент: на прыкладзе асобна ўзятага раёна тут будуецца мадэль будучай сацыялістычнай Польшчы. Ініцыятарамі эксперыменту выступілі польскія камуністы Ф. Кон і Ю.Мархлеўскі. 15 сакавіка 1932 года першапачаткова Койданаўскі, а затым Дзяржынскі раён быў абвешчаны нацыянальна-польскім. Для гэтага быў штучна завышаны працэнт польскага насельніцтва ў раёне. Усе жыхары Койданаўскага раёна каталіцкага веравызнання былі запісаны палякамі. У раёне былі ўтвораны нацыянальна-польскія сельскія саветы, польскія школы, польскі тэхнікум. У Дзяржынску нават працаваў польскі калгасна-саўгасны тэатр, выходзіла раённая газета на польскай мове.

Але эксперымент праваліўся. У 1937 годзе кіраўніцтва раёна на чале са старшынёй Дзяржынскага райвыканкама Вансоўскім было арыштавана, яго ўдзельнікі былі аб’яўлены “польскімі шпіёнамі”. Дзяржынскі раён расфарміраваны і толькі ў 1938 годзе адноўлены ў былых межах.

Госць задае пытанне: “А якія прадпрыемствы дзяржаўнай формы ўласнасці вы рэкамендавалі б наведаць?”

Экскурсавод. Дзяржынскі эксперыментальна-механічны завод, які ўваходзіць у склад МАЗа, і ААТ “Дарбудіндустрыя”, якое вырабляе матэрыялы для дарожнай тэхнікі.

Госць. А якое самае буйное з так званых вала- і горадаўтваральных прадпрыемстваў?

Экскурсавод. ААТ “Агракамбінат Дзяржынскі”.

Госць. У чым унікальнасць рэгіёна ў эканоміцы?

Экскурсавод. У эканоміцы пераважае прыватны бізнес.

Госць. Якія прадпрыемствы недзяржаўнай формы ўласнасці добра вядомы па-за межамі раёна?

Экскурсавод. ТАА “Салеа” (вытворчасць помпаў-дазатараў), ПУП “МАВ” (лакафарбавая вытворчасць), ТАА “Інтэка-майстар” (вытворчасць халадзільнага абсталявання), ТАА “Тэхнарол” (выпуск абсталявання для швейнай вытворчасці), ТАА “Таспа-Ф” (вытворчасць радыятараў для аўтатрактарнай тэхнікі).

Госць. Дзе б вы парэкамендавалі нам з сям’ёй адпачыць у раёне?

Экскурсавод. Калі ласка, наведайце ТАА «Сервісны цэнтр “Веста”» або, каб цікава правесці дзень, – парк актыўнага адпачынку “Якуцкія горы” ў вёсцы Якуты і парк забаў “Крутагор’е” ў вёсцы “Пярхурава”, а таксама Цэнтр экалагічнага турызму “Станькава”. На тэрыторыі экацэнтра “Станькава” знаходзяцца два ваенна-гістарычныя комплексы – “Мінскі ўмацаваны раён” і “Партызанскі лагер”, ёсць шэраг заалагічных пляцовак, каняферма, фермы па развядзенні, утрыманні і паказе свойскіх і дзікіх птушак і жывёл, адчынены два кафэ. У зімовы час тут праводзяцца анімацыйная навагодняя праграма. Турысты могуць наведаць кінатэатр “5D”, лазерны цір, пастраляць з арбалета. У раёне працуе 17 суб’ектаў аграэкатурызму. Раім Вам наведаць і адпачыць у такіх цудоўных мясцінах, як аграсядзібы “Вясёлы вугал”, “Асалода”, “Шале”, “У Ірыны”, “Аляксандра”, “Шышкін дом”, “Сакавец У.І.”. Аматарам актыўнага адпачынку на прыродзе прапануецца разнастайны спектр паслуг. Яны могуць скарыстаць баню або саўну, пакатацца на кані, веласіпедзе, квадрацыкле, папаляваць або парыбачыць, паўдзельнічаць у майстар-класе па кулінарыі ці шыцці, павандраваць па цікавых мясцінах, адчуць камфартабельныя ўмовы пражывання.

Госць. Мой сын марыць пераехаць жыць у ваш раён. Яму вельмі падабаецца прырода, людзі, але ён хвалюецца, ці зможа ўладкавацца на работу. Раней працаваў вадзіцелем аўтапоезда “Інтэртрансаўта”, перавозіў грузы з гарадоў Галандыі, Бельгіі.

Экскурсавод. Хвалявацца не трэба. У нас працуе ТАА “Інтэртрансаўта”, якое займаецца міжнароднымі аўтаперавозкамі па краінах СНД і Заходняй Еўропы. У яго парку 150 аўтамабіляў, у холдынгу працуе больш за 300 чалавек. А яшчэ ў Фаніпалі ўзведзены завод швейцарскага холдынгу Stadler Rail (вытворчасць электрапаяздоў). Наогул Фаніпаль – горад з самай вялікай канцэнтрацыяй розных форм бізнесу на душу насельніцтва. Для гарадка з 13-тысячнай колькасцю насельніцтва пералік актываў, якія змешчаны ў яго межах, значны.

Госць. Калі мы назіралі за ваколіцамі Дзяржынска, то заўважылі, што ідзе інтэнсіўнае будаўніцтва. Мы думаем звязаць свой лёс з Дзяржынскім раёнам і пабудаваць уласнае жыллё. У якую будаўнічую арганізацыю мне б раілі звярнуцца?

Экскурсавод. Вядучыя будаўнічыя арганізацыі – ДУП “ПМК 190”, ТАА “СмарТэкРэгіёнБуд”, ААТ “Дзяржынскае домабудаўнічае ўпраўленне”.

На працягу пяцігодкі ішло інтэнсіўнае будаўніцтва жыллёвага фонду, як шматкватэрнага, так і індывідуальнага. Значна скарацілася колькасць грамадзян, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жылёвых умоў. За 2014 год было ўзведзена больш за 100 тыс. квадратных метраў жылля. Толькі ў Дзяржынску ўзведзены мікрараёны “Чыгуначны” і “Раднікі”, дзе, акрамя жылых дамоў, пабудаваны сацыяльныя аб’екты.

Госць. У магазінах я бачу свежую, якасную мясную і малочную прадукцыю. Напэўна, у вас добра развітая сельская гаспадарка.

Экскурсавод. Так. У нашым рэгіёне паспяхова працуюць ААТ “Агракамбінат ‹‹Дзяржынскі››” і яго філіялы, ААТ “Крутагор’е-Петкавічы”, “Баравое-2003”, ААТ “Маяк-78”, ААТ “Кастрычніцкая рэвалюцыя”.

Госць. На вуліцах горада многа матуль з дзіцячымі калыскамі. Падкажыце, колькі дзяцей нараджаецца за год?

Экскурсавод. У 2014 годзе ў нас нарадзілася 15 немаўлят на 1000 насельніцтва пры абласным паказчыку 13,3. Мы займаем трэцяе месца па нараджальнасці ў Мінскай вобласці. Дзяржынскі раён – адзін з нямногіх у Беларусі, дзе ўжо на працягу некалькі гадоў захоўваецца пазітыўная дэмаграфічная сітуацыя. Для падрастаючага пакалення створаны ўсе ўмовы для выхавання, вучобы і вольнага часу.

Госць. Які ахоп у раёне дашкольнай адукацыяй дзяцей з 1 да 6 гадоў?

Экскурсавод. Ахоп дашкольнай адукацыяй дзяцей з 1 да 6 гадоў складае 81%. Укараняюцца новыя формы дашкольнай адукацыі (групы кароткатэрміновага знаходжання, групы па навучанні плаванню, групы выхаднога дня, сямейнага тыпу, прагулачныя і гульнявыя пляцоўкі, пляцоўкі на даму ў педагогаў). У жніўні 2016 года ў Фаніпалі адкрыўся новы дзіцячы садок на 100 месцаў, а ў снежні 2016 года – унікальны дзіцячы садок у г.Дзяржынску, дзе ўпершыню ў рэспубліцы рэалізаваны ўсе сучасныя тэхналогіі дашкольнага выхавання. Акрамя гэтага, дзякуючы ўкараненню стапрацэнтнага безбар’ернага асяроддзя навучання, тут змогуць займацца дзеці з абмежаванымі магчымасцямі.

Госць. Што робіцца ў раёне па развіцці інтэлектуальных здольнасцей навучэнцаў?

Экскурсавод. У раёне праводзіцца сістэмная работа з навучэнцамі па развіцці інтэлектуальных здольнасцей. Паказчыкам гэтай работы з’яўляецца выніковы ўдзел у алімпіядах і вучэбна-даследчай дзейнасці за 2015/2016 навучальны год: 25 дыпломаў на ўзроўні вобласці, 5 дыпломаў на ўзроўні рэспублікі, 1 дыплом міжнароднага ўзроўню; у навукова-практычных канферэнцыях – 1 дыплом на ўзроўні вобласці, 4 дыпломы на ўзроўні рэспублікі, 17 дыпломаў міжнароднага ўзроўню, 6 навучэнцаў сталі стыпендыятамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў.

Госць. Я і мая сям’я хацелі б наведаць знакамітыя мясціны вашага рэгіёна. Парайце цікавы турыстычны маршрут.

Экскурсавод. Я раіў бы Вам абавязкова пабываць у в.Станькава, наведаць Свята-Мікалаеўскі храм. Храм пабудаваны па праекце архітэктара двара яго Імператарскай Вялікасці Канстанціна Тона, які з’яўляецца творцам храма Хрыста Выратавальніка ў Маскве, наведаць унікальны павільён “Скарбніца”, самае цікавае збудаванне ў сядзібе Эмерыка Чапскага. У ёй была бібліятэка, якая налічвала 20 тысяч тамоў кніг, нумізматычная калекцыя каля 11 тысяч манет, прайсціся па парку, у якім у часы Чапскіх расло да 500 відаў дрэў, пасядзець у альтанцы на беразе возера, якое створана штучна, з дапамогай плаціны на рацэ Рапуса.

Госць. Калі я ехаў у Дзяржынскі раён, даведаўся, што сюды прыязджае шмат людзей з розных рэгіёнаў Беларусі, каб атрымаць дапамогу ў святой Валянціны Мінскай. Не маглі б расказаць аб ёй? Дзе знаходзіцца яе магіла?

Экскурсавод. Святая блажэнная Валянціна Мінская – Валянціна Фёдараўна Сулкоўская (1888-1966) – нарадзілася ў в. Коскі ў сям’і сельскага святара. Бацька Фёдар Чарняўскі служыў протаіерэем у Станькаўскай Свята-Мікалаеўскай царкве. У дзяцінстве Валянціна спявала ў царкоўным хоры, закончыла Мінскае духоўнае жаночае вучылішча. У 24 гады выйшла замуж за калежскага саветніка Фёдара Сулкоўскага. У 1931 годзе муж быў арыштаваны, а ў 1933 годзе - расстраляны ў сталінскіх лагерах. Менавіта гэты год лічыцца пачаткам падзвіжніцкага “ляжання” матушкі Валянціны. У матушкі Валянціны адняліся ногі, і нават калі памерла яе маці ў 1937 годзе, яна не змагла ўстаць і развітацца з ёю. Усё астатняе жыццё Валянціна практычна не ўставала з пасцелі, правяла яго ў малітвах і аказанні дапамогі людям у выглядзе настаўлення, добрай парады, а калі-нікалі - і гнеўнага ўшчування.

Святая блажэнная Валянціна Мінская была кананізавана царквой 6 лютага 2006 года, роўна праз 40 гадоў пасля смерці. Пахавана ў в.Крысава Дзяржынскага раёна.

Госць. Якія помнікі прыроды рэспубліканскага ўзроўню ёсць на тэрыторыі Дзяржынскага раёна?

Экскурсавод. На тэрыторыі Дзяржынскага раёна знаходзіцца вышэйшая кропка Беларусі – гара Дзяржынская (да 1958 года – гара Святая), 345 метраў над узроўнем мора.; крыніца “Юцкоўская”( крынічная вада цячэ па жасцяным жалабкам і яе можна набраць у любы момант года, так як крыніца не замярзае); крыніца “Выток ракі Пціч”; рака Уса – самая вялікая ў раёне, яе працягласць 115 км.

Госць. Мясцовыя жыхары мне раілі абавязкова наведаць Цэнтр экалагічнага турызму ў в. Станькава.

Экскурсавод. Цэнтр экалагічнага турызму “Станькава” ўяўляе сабой комплекс тэматычных пляцовак, сярод якіх - каняферма, фермы па развядзенні, утрыманні і паказе свойскіх і дзікіх птушак, жывёл; ваенна-гістарычны комплекс “Мінскі ўмацаваны раён”; ваенна-гістарычны комплекс “Партызанскі лагер”. А яшчэ на тэрыторыі “Партызанскага лагера” расце дуб, які назвалі “Лясны вартаўнік”. Абхапіць гэты дуб могуць толькі чатыры чалавекі, узяўшыся за рукі. Яго ўзрост - больш за 500 гадоў. Падобных дрэў няма нават у Белавежскай пушчы, гэты дуб – адзін з самых старых у Беларусі. Лічыцца, што калі чалавек нават у адчаі дакранецца да кары гэтага дрэва, то атрымлівае каласальны зарад энергіі і прагі жыцця.

Госць. Дзякуй за змястоўную экскурсію. Я абавязкова параю сваім землякам пабыць на вашай цудоўнай зямлі, падыхаць яе водарам і пазнаёміцца з руплівымі і працавітымі людзьмі, наведаць знакамітыя мясціны.

Па жаданні вучні аналагічна праводзяць экскурсію па населеным пункце, дзе яны жывуць, апісваючы выдатныя мясціны (славутасці) горада ці вёскі.

 

Нататкі да ўрока-віктарыны

Мы ўсе нарадзіліся і выраслі на дзяржынскай зямлі, з гонарам носім званне дзяржынца, любім сваю малую радзіму і стараемся як мага больш даведацца пра гісторыю свайго рэгіёна. А зараз правядзём конкурс-віктарыну “Знаўцы роднага краю”.

Адкажыце, калі ласка, на наступныя пытанні:

1. Прозвішча, імя, імя па бацьку старшыні Дзяржынскага раённага выканаўчага камітэта. (Мікалай Іванавіч Арцюшкевіч.)

2. Назавіце знакамітую дзяржынскую швейную фабрыку. (“Эліз”.)

3. Член Саюза мастакоў Беларусі, загадчык мастацкага аддзялення Дзяржынскай школы мастацтваў, ганаровы грамадзянін г.Дзяржынска, уладальнік медаля Францыска Скарыны. (Уладзімір Іванавіч Шчарбін.)

4. Спявачка, удзельніца міжнароднага вакальнага конкурсу “Еўрабачанне”, выпускніца гімназіі г.Дзяржынска. (Анастасія Віннікава.)

5. Спартыўныя футбольныя каманды Дзяржынскага раёна. (“Лівадыя”, “Лівадыя-Юні”.)

6. Адзін з вядучых вытворцаў вырабаў медыцынскага прызначэння. (“Унамедыкал”, г.Фаніпаль).

7. Член Саюза пісьменнікаў, паэтэса, якая многа друкуецца ў дзіцячым часопісе “Вясёлка”. (Рэгіна Рэўтовіч.)

8. Раённая газета. (“Узвышша”.)

9. Па колькасці насельніцтва наш раён займае ў вобласці … месца. (Восьмае.)

10. Як называецца стацыянарны дзіцячы аздараўленчы лагер, размешчаны ў пасёлку Энергетыкаў? (“Дружба”.)

11. Імя якога Героя Савецкага Саюза носіць сярэдняя школа ў вёсцы Станькава? (Марата Казея.)

12. Юны жыхар г.Фаніпаля, які прыняў удзел у конкурсе “Я спяваю” на тэлеканале АНТ. (Кірыл Жураўкін.)

13. Узорная эстрадная студыя Дзяржынскага гарадскога Дома культуры, назва якой “гаворыць” пра пазітыўны настрой. (“Задорынка”.)

14. Псеўданім беларускага пісьменніка Міраслава Вячаслававіча Адамчыка. (Шайбак.)

15. Філіял якой установы вышэйшай адукацыі знаходзіцца ў вёсцы Волма? (Міжнародны дзяржаўны экалагічны ўніверсітэт імя А.Д. Сахарава).

16. Якіх славутых землякоў нашага роднага краю вы ведаеце?

Адказ:

Бірыла Мікалай Васільевіч (1923-1992). Нарадзіўся ў в. Скварцы Дзяржынскага раёна. Мовазнаўца, заслужаны дзеяч навукі Беларусі.

Вольскі Артур (1924-2002). Нарадзіўся ў г. Дзяржынску. Паэт, празаік, драматург, перакладчык, член Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Глобус Адам (1958 г.нар.). Нарадзіўся ў г. Дзяржынску. Паэт , празаік, мастак, член Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Ермаловіч Мікалай Іванавіч (1921-2000). Нарадзіўся ў в. Малыя Навасёлкі Дзяржынскага раёна. Гісторык, літаратуразнаўца, член Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Івашын Васілій Уладзіміравіч (1913 г. нар.). Нарадзіўся ў в. Ляхавічы Дзяржынскага раёна. Літаратуразнаўца, педагог, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, доктар філалагічных навук, прафесар.

Каганец Карусь (1868-1918). Нарадзіўся ў г. Табальску, месца смерці – в.Прымагіллье, сучасны Дзяржынскі раён. Паэт, празаік, драматург, мастак, грамадскі дзеяч.

Калеснік Іван Іванавіч (1932-1979). Нарадзіўся ў в. Грычына. Публіцыст, перакладчык, член Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Калюга Лукаш (1909-1937). Нарадзіўся ў в. Скварцы Дзяржынскага раёна. Празаік, перакладчык.

Кроль Абрам Іосіфавіч (1913-1990). Нарадзіўся ў г. Дзяржынску. Мастак.

Крыловіч Уладзімір Мікалаевіч (1895-1937). Нарадзіўся ў в. Крыловічы Дзяржынскага раёна. Акцёр. Заслужаны артыст Беларусі.

Рыбак Алесь (1934 г.нар.). Нарадзіўся ў в. Макаўчыцы Дзяржынскага раёна. Празаік, член Саюза Пісьменнікаў Беларусі.

Тумаш Генадзій (1940 г. нар.). Нарадзіўся ў в.Кукшавічы Дзяржынскага раёна. Паэт, празаік, перакладчык, літаратуразнаўца, член Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Улашчык Мікалай Мікалаевіч (1906-1986). Нарадзіўся ў в. Віцькаўшчына Дзяржынскага раёна. Гісторык, археолаг, празаік, перакладчык, доктар гістарычных навук.

Хадановіч Ігар Піліпавіч (1940-1966). Нарадзіўся ў в. Шпількі Дзяржынскага раёна. Празаік, паэт.

Шушкевіч Станіслаў Пятровіч (1908-1991). Нарадзіўся ў в. Бакінава Дзяржынскага раёна. Паэт, празаік, член Саюза пісьменнікаў Беларусі. Заслужаны работнік культуры.

А цяпер разгадайце, калі ласка, красворд “Нашы слаўныя землякі”. (па гарызанталі – адказы на пытанні, па вертыкалі павінна атрымацца слова “Будучыня”.)

 


 

Пытанні:

  1. Мовавед, заслужаны дзеяч навукі Беларусі, які нарадзіўся ў вёсцы Скварцы. (Бірыла.)

  2. Вядомы гісторык, доктар гістарычных навук. (Улашчык.)

  3. Сапраўднае прозвішча Адама Глобуса. (Адамчык.)

  4. Заслужаны работнік культуры, пісьменнік, які нарадзіўся ў вёсцы Бакінава. (Шушкевіч).

  5. Мастак, які ажыццяўляў праектаванне і мастацкае афармленне гарадскіх святаў, інтэр’ераў, будынкаў і рэкламы. (Мініч.)

  6. Аўтар аповесці “Трэба было жыць”, які нарадзіўся ў вёсцы Макаўчыцы. (Рыбак).

  7. Паэт, драматург, мовавед, мастак, скульптар, грамадскі дзеяч. Пахаваны ў вёсцы Навасёлкі. (Каганец.)

  8. Мастак, які ў васямнаццацігадовым узросце па просьбе прыхаджан дзяржынскай Свята-Пакроўскай царквы напісаў спісак са старажытнай ушанаванай у нашай мясцовасці Слабодскай (Дзяржаўнай) цудатворнай іконы Божай Маці. (Мінчэня.)

 

Вучням прапануецца краязнаўчая віктарына “Таямніцы роднай прыроды”

Пытанне

Адказ

1.

Якая ягада замяняе лімон?

журавіны

2.

Якое дрэва з’яўляецца самым распаўсюджаным у дзяржынскіх лясах?

сасна

3.

З кветак якога ліставога дрэва пчолы збіраюць смачны мёд?

ліпа

4.

Назавіце расліну з Чырвонай кнігі, якая дае “сардэчныя” лекі?

ландыш

5.

Колькі гадоў можа пражыць дуб?

500-2000

6.

Якая жывёла харчуецца мухаморамі?

лось

7.

Гэтая якасць дапамагае бездапаможным зайчанятам пазбегнуць зубоў драпежніка. Што гэта за якасць?

адсутнасць паху

8.

Дрэва, якое лічыцца адным з найлепшых сярод раслін па ачышчэнні паветра ад шкодных прымесей

таполя

9.

Ці ўюць гнёзды нашы пералётныя птушкі зімой на поўдні?

няма

10.

Што азначае чырвоны колер нашай Чырвонай кнігі?

колер трывогі

11.

Куры і галубы купаюцца ў пыле. Што гэта значыць?

да дажджу

12.

Пчолы роем гудуць на квітнеючай рабіне – заўтра будзе

ясны дзень

13.

Ці жывуць у водным лесе лось і алень?

няма

14.

Якая рыба мае вусы?

сом

15.

Якая рыба мае форму змяі?

вугор


 

Вучням прапанавана дома скласці віктарыны, красворды, рэбусы па гісторыі мясціны, дзе яны жывуць.

Нататкі для ўрока – конкурсу праектаў, урока - дыялога

Дзяржынск і Фаніпаль – гарады, якія хутка развіваюцца і зменяюць сваё аблічча. Дзяржынск адзначыў 870 годдзе ў ліпені 2016 годза, а Фаніпаль будзе адзначаць 160 годдзе ў верасні 2016 года. Якім вы бачыце аблічча нашых гарадоў ў хуткім будучым? (Інтэрактыўны дыялог з навучэнцам.)

Матэрыял да ўрока.

У Дзяржынску ідзе вялікая работа па добраўпарадкаванні горада. Ужо завершана рэканструкцыя дзіцячага парка, ідзе рэканструкцыя цэнтральнага парка, працуюць новыя атракцыёны для дзяцей, маладыя мамы з дзіцячымі каляскамі з задавальненнем гуляюць па новых дарожках парка. Дзяржынск непазнавальна папрыгажэў. З’явіліся новыя мікрараёны шматпавярховага домазбудавання, хуткімі тэмпамі вядзецца індывідуальная забудова. Раней пабудаваныя дамы на вуліцах К.Маркса, Фурманава, Мінскай сталі прыгажэйшымі пасля перафарбавання фасадаў, замены дахаў, акон, балконаў. Шмат зроблена па асфальтаванні праезджай часткі вуліц. Побач з імі выкладзены пліткай зручныя пешаходныя дарожкі. У горадзе з’явіліся новыя прадпрыемствы і арганізацыі. Асабліва радуюць шматлікія кветкавыя кампазіцыі, якія ўпрыгожваюць цэнтр горада. Запланавана будаўніцтва новага фізкультурна-аздараўленчага цэнтра, завершана будаўніцтва дзіцячага садка і новага Цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі Дзяржынскага раёна на вуліцы Астроўскага, заканчваецца будаўніцтва гандлёва-адміністрацыйнага будынка ў цэнтры горада. Літаральна на вачах змяняецца аблічча мікрараёнаў Чыгуначны, Раднікі. У мікрараёне Раднікі будзе ўведзены буйны гандлёвы комплекс, добраўпарадкавана тэрыторыя вакол вадасховішча “Валаханаўка”, плануюць нават, што будуць уведзены ў эксплуатацыю катамараны. Новае аблічча набыла стэла пры ўездзе ў горад з боку Мінска, пабудавана сучасная транспартная развілка. Сучаснае і будучае Дзяржынскага раёна залежыць у першую чаргу ад таленавітай і крэатыўнай моладзі, у характары якой прысутнічаюць якасці грамадзяніна і лідара. Мы сабраліся з вамі абмеркаваць, што канкрэтна можна зрабіць для ператварэння г.Дзяржынска, г.Фаніпаля, аграгарадкоў і вёсачак Дзяржынскага раёна. Мы будзем з вамі складаць «партрэт Дзяржынскага раёна», які, безумоўна, уключыць усе яго слаўныя традыцыі, дасягненні ў аграпрамысловай сферы, у галіне культуры, аховы здароўя, адукацыі і г.д.

 

 Першы этап урока ў форме прэзентацыі праектаў
“Партрэт роднага горада або вёскі.”

Вучні прадстаўляюць свае праекты (вучнёўскае даследаванне на падставе вывучэння гістарычных крыніц па гісторыі роднага горада або вёскі, правядзенне сацыялагічнага апытання па вызначанай тэматыцы і апрацоўка яго вынікаў, складанне пытанняў для інтэрв’ю і яго правядзенне, у тым ліку з рэальнай асобай, складанне буклета, плаката, правядзенне рэкламнай кампаніі, падрыхтоўка арыгінал-макета кнігі ці часопіса аб гісторыі горада, вёскі). Кожная прэзентацыя займае не больш за 7 хвілін.

Цікавыя нататкі пра малую радзіму чытайце ў раённай газеце “Узвышша” (у №№ 80, 82, 85, 87, 90, 92, 94 за 2015 год і ў №№ 2,7, 10 за 2016 год змястоўныя цікавыя паведамленні пра населеныя пункты Дзямідавіцкага сельскага савета; у №№ 54, 56 за 2015 год нарысы пра населеныя пункты Дзяржынскага сельскага савета). Падказка да гісторыі населеных пунктаў Дзяржынскага раёна ёсць у кнізе “Памяць. Дзяржынскі раён.”, стар. 670-695, легенды і паданні з кнігі Каруся Каганца, знакамітага земляка, паэта і пісьменніка пачатку XX стагоддзя, аб Дзяржынску нататкі ў газеце “Узвышша”, №47 за 2016 год).

Другі этап урока ў форме дыялога

Паважаныя вучні! Вы толькі што прэзентавалі свой горад, сваю вёсачку. Якім вы бачыце будучае горада, вёскі і сваё будучае?

Якую прафесію вы выбіраеце? Менавіта чаму гэту прафесію? Дзе б вы хацелі пабываць у Дзяржынскім раёне, каб больш дасканала азнаёміцца з патрабаваннямі да выбранай прафесіі? Якую якасць характару трэба выхоўваць, каб стаць паспяховым чалавекам, унесці свой уклад у развіццё рэгіёна і заслужыць званне ганаровага грамадзяніна Дзяржынскага раёна?

Самае вялікае багацце Беларусі – гэта яе людзі. У. Караткевіч так пісаў пра іх: “Жывы, разумны, працавіты беларускі народ. Беларус адрозніваецца шчодрасцю, гатоўнасцю заўсёды ісці на дапамогу ў бядзе. Мы заўсёды будзем помніць тых людзей, якія ўнеслі вялікі ўклад у фарміраванне сістэмы каштоўнасцей беларусаў”.

Думаю, што вы пазнаёміліся з кімсьці з ганаровых грамадзян Дзяржынскага раёна. Што можаце аб іх расказаць?

Каму ў 2015 годзе прысвоена ганаровае званне Мінскага аблвыканкама “Чалавек года Міншчыны”? (Таццяне Захожай, машыністу-трактарысту РС ДУП “Путчына”, Алене Кавецкай, загадчыку Петкавіцкага ФАП Дзяржынскай ЦРБ, Яўгенію Мазнічэнку, начальніку групы прызыву на ваенную службу ваеннага камісарыяту Дзяржынскага і Уздзенскага раёнаў).

На V Усебеларускім нацыянальным сходе Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнка сказаў: “Мне бачыцца Беларусь праз пяць гадоў памацнелай і квітнеючай, незалежнай і дружалюбнай, прыгожай і ўтульнай для жыцця людзей”.

Як вы лічыце, што ўжо сёння трэба рабіць кожнаму ў паўсядзённым жыцці для ажыццяўлення гэтай рэчаіснасці?

Некаторыя вучні былі ў ролі карэспандэнтаў радыё і тэлебачання. Яны ўзялі інтэрв’ю ў бацькоў, суседзяў, настаўнікаў і жыхароў горада ці вёскі. Давайце ўважліва паслухаем адказы на пытанні.

Колькі пакаленняў тваіх родзічаў жывуць у Дзяржынскім раёне? Што вы ведаеце аб іх жыцці (маецца на ўвазе прафесія, адукацыя, іх галоўны занятак, працоўныя і творчыя дасягненні, іх адносіны да малой радзімы, якую памяць яны пакінулі пра сябе, за што іх помняць і паважаюць)? Якіх славутых землякоў вы ведаеце? Ці хацелі б вы быць да іх падобнымі? Як патрэбна пражыць жыццё, каб аб цябе помнілі людзі? У 2016 годзе мы адзначылі 71-годдзе Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, ў святочныя дні мы гаварылі ветэранам: “Дзякуй за Перамогу!.” А што канкрэтна трэба рабіць, каб аддзячыць за мір, свабоднае і годнае жыццё?

 

Нататкі да ўрока-разважання

Скажыце, калі ласка, як доўга вы жывяце ў г. Дзяржынску (Фаніпалі, вёсачцы)? Ці падабаецца тут жыць? За што вы любіце свой горад (сваю вёску)? Зараней даецца заданне напісаць сачынне “Вобраз любімага горада (вёсачкі).

Прыклад сачынення: “Ясная, светлая, чыстая, белая Белая Русь…” Гэтыя прыгожыя і меладычныя словы напяваюць ранкам тысячы жыхароў роднай Беларусі. А як жа інакш? Няма нічога больш цудоўнага, чым вобраз роднага горада, проста маленькай вёсачкі. А што такое родны горад? Гэта месца, дзе нарадзіліся і выраслі, зрабілі крокі ў вялікае жыццё? А можа, гэта штосьці большае, штосьці значымае для чалавека? Не кожны чалавек можа і хоча называць горад, у якім ён нарадзіўся і жыве, родным. Любоў да горада нараджаецца ў душы паступова. З’яўляюцца думкі, мары, успаміны.. Тады чалавек з гордасцю гаворыць: “Гэта мой родны горад!” На свеце ёсць многа прыгожых і цудоўных гарадоў з вялікімі садамі, з доўгімі алеямі. Але мой любімы, родны горад – Дзяржынск. Я нарадзіўся тут і жыву, для мяне ён самы-самы. Гэты цудоўны горад поўны зеляніны і чыстага паветра. Ідзеш па квітнеючай цэнтральнай вуліцы і адчуваеш лёгкі свежы ветрык, які прымушае ўсміхацца. У горадзе ціха, спакойна і прыгожа, таму лёгка забываешся пра ўсе непрыемнасці, твой настрой паляпшаецца. Я люблю свой горад, у першую чаргу за тое, што тут жыве мая сям’я, мае сябры. Калі я куды-небудзь ад’язджаю, то імкнуся хутчэй вярнуцца дамоў, але не на кватэру, а ўбачыцца са сваімі роднымі і блізкімі людзьмі, бо менавіта яны робяць мой родны горад самым любімым. У горадзе ў мяне многа сяброў, мы часта ходзім у парк і катаемся на прыгожых яркіх атракцыёнах. Можна доўга ўглядацца ў высокія прыгожыя будынкі па вуліцы К.Маркса і аднойчы адчуць, што горад жывы. Ён жыве часцінкамі нашых душ. Ён радуецца нашым усмешкам, жаданням, якія мы перажываем, калі праходзім па яго вуліцах, шчасцю. За шматвяковую гісторыю ў культурнай спадчыне горада, як у яркім вянку лугоў, спляліся беларускі фальклор, руская казка, польскі танец, яўрэйскі каларыт. У гісторыі Койданава вядома як буйное яўрэйскае мястэчка. У паданнях, прозвішчах захоўваецца і перадаецца з пакалення ў пакаленне гістарычная памяць Вялікага Княства Літоўскага. Мы бачым горад розным і непаўторным – летнім, як цяпер, восеньскім, зімнім, веснавым. Калі змяняецца пара года, то, дзякуючы прыродзе і людзям, ён змяняе свой настрой. Я жыву ў новым мікрараёне “Чыгуначны”. Зусім блізка праходзіць чыгунка і шаша. Па чыгунцы ў любы час едуць паязды. Яны не перашкаджаюць мне спаць. Калі вельмі ўважліва слухаць, то можна ўлавіць гул электрычак, якія хутка мчацца. Я люблю чыгунку, гэта сімвал шляху, у які адпраўляецца чалавек з моманту нараджэння. Шмат гора пабачыў мой горад у гады ліхалецця, нямецка-фашысцкай акупацыі, калі толькі ў адзін дзень фашысты расстралялі 1000 чалавек яўрэйскай нацыі, але горад не пакарыўся: тут дзейнічала падпольная арганізацыя “Смерць фашызму”, якая ператварыла жыццё акупантаў у пекла. Дзякуючы самаадданай працы маіх землякоў, горад быў пасля вайны адноўлены. Сёння – гэта сучасны прамысловы раённы цэнтр Мінскай обласці. Госці горада абавязкова наведваюць фірменны магазін у цэнтры горада Дзяржынскай швейнай фабрыкі ”Эліз”, якая з’яўляецца буйнейшым вытворцам мужчынскіх кашуль у Рэспубліцы Беларусь.

Мамы з калыскамі, у якіх усміхаюцца прыгожыя дзеткі, гуляюць па вуліцах новага мікрараёна “Раднікі”. Вось ужо ўзвышаюцца два новыя шматпавярховыя дамы па вуліцы Савецкай каля вадаёма. Крочу па знаёмых і незнаёмых вуліцах горада, гляджу на неба – такое пачуццё, што воблакі мне усміхаюцца, плывуць па небе ў хаатычным парадку і шукаюць тых людзей, якім неабходна схавацца ад спякоты. Вось бачыце, нават воблакі цудоўныя ў маім горадзе!. Гляджу ўверх на бусла, які пралятае над горадам. Вось бусел – наш! Назірае, ахоўвае нейкай незвычайнай сілай: “Белый аист летит над Дзержинщиной, над тихим жнивьём”. Нявольна гляджу па баках і ў глыбіні сваёй душы разумею, што я сапраўды шчаслівы, бо, я – жыхар свайго роднага горада. Мой горад маладзее, але шмат што гаворыць аб яго старажытным паходжанні. Як і стагоддзяў назад, працягвае несці свае воды наша рака Няцеча, велічна ўзвышаюцца купалы Свята-Пакроўскай царквы, адрадзіўся касцёл Святой Ганны, мірна дрэмле, нагадваючы аб былым велічным замку, Кальвіншчына. Усё гэта - наша гісторыя, якую патрэбна паважаць , цаніць і берагчы.

Шмат цікавага можна яшчэ расказаць. Вобраз любімага горада, яго цудоўных месцаў глыбока і назаўсёды пасяліліся ў маім сэрцы, але лепш убачыць мой горад, і тады вы таксама палюбіце яго.

Якім (якой) вы бачыце яго (яе) праз некалькі гадоў? І сваю любоў да Радзімы, да роднага города, да роднай зямлі мы павінны пацвярждаць сваімі справамі. Якімі, на ваш погляд?

(Сумленна жыць, добра вучыцца, рабіць добрыя справы, паважаць старэйшых, любіць прыроду і г.д).

 

І як сказаў наш Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка: “Шмат ёсць краін на свеце, але толькі пад небам Бацькаўшчыны ты зможаш знайсці сваё месца, раскрыць свае здольнасці, творчай працай прынесці найбольшую карысць грамадству і адчуць сябе па-сапраўднаму шчаслівым. Я веру, што ты прыкладаеш усе намаганні, каб стаць вартым грамадзянінам сваёй Айчыны”.

Помніце, зямля нашых бацькоў – гэта наша зямля, яна ў нашых руках, і толькі ад нас з вамі залежыць, якой яна будзе ў будучым. Толькі вы самі павінны пабудаваць свой “дом” у шырокім сэнсэ слова. І будзе гэта замак з пяску ці сучаснае збудаванне з самых трывалых матэрыялаў – залежыць ад вас. І помніце: вы ў адказе за непаўторныя красоты роднай зямлі, за найбагацейшую шматвяковую спадчыну, за экалагічны і эканамічны дабрабыт, за шчасце нашых землякоў.

Хай наш горад, наша вёсачка і раён квітнеюць з кожным днём, і мы з вамі ім дапаможам (вучні наклейваюць на карту Дзяржынскага раёна сімвалы росквіту раёна, горада, вёскі – дрэва, сонца, кветкі, дом, буслоў, галубоў і г.д. і каменціруюць свой выбар).

 

Заўвагі да урока ток-шоўу “Пазіцыя”

Настаўнік выступае ў ролі вядучага. 4 вучні - у якасці апанентаў, 5 вучняў падтрымліваюць і дапаўняюць вядучага, астатнія – гледачы, якія галасуюць і патрымліваюць выказаную думку або галасуюць супраць. У канцы падводзяцца вынікі праблемы, якую абмярковываюць.

Гледачы сядзяць за сталамі, якія пастаўлены літарай П, у цэнтры сядзяць апаненты і група падтрымкі.

Вядучы называе праблему. 3 ліпеня 2016 года мы адзначылі 870-годдзе г. Дзяржынска. Ці можна сказаць, што наш горад старажытны? Што захавалася ад старажытных часоў? Група падтрымкі пералічвае два помнікі архітэктуры (Свята-Пакроўская царква, касцёл Святой Ганны, пагорак “Кальвіншчына”, рака Няцеча). Апаненты заяўляюць, што г. Дзяржынск лічыцца пераемнікам Койданава, але прымяняць у адносінах да яго слова “старажытны” будзе некарэктна. Нарадзіўшыся ў новую эпоху, ён не толькі атрымаў статус горада і іншую назву, але і цалкам адрокся ад свайго буржуазна-памешчыцкага мінулага. Тады былі зачынены ўсе малельныя дамы, касцёл і царква ператвораны ў клубы, вуліцы атрымалі назвы герояў рэвалюцыйных перамен, а агароджу з цэглы вакол Кальвінскага збору разабралі на будаўніцтва паліклінікі. Такім чынам, ад былога Койданава засталася, бадай што, толькі назва чыгуначнай станцыі. Абвінавачваць людзей таго часу за такі радыкалізм, можа, і не варта, бо яны, ахопленыя новымі ідэямі, марылі пра светлае будучае, якое будавалі на руінах мінулага. Але сёння мы, нашчадкі тых, хто браў на сябе місію “будаўнікоў камунізму”, больш спакойна адносімся да свайго мінулага. Для нас яно звязана, у першую чаргу, з матэрыяльнай культурай, да якой трэба ставіцца з павагай. І сёння шмат робіцца ў гэтым кірунку. Але наш юны Дзяржынск апынуўся ў ролі Івана, які не памятае радства. А мы добра ведаем, якія вырастаюць дзеці, калі яны трапляюць у асяроддзе, дзе страчана сувязь пакаленняў і не захоўваюцца належныя сямейныя традыцыі. Так і наш горад можа згубіць свой твар, сваю індывідуальнасць. Таму пара і яго далучыць да сваіх старажытных каранёў.

Гледачы падтрымалі апанентаў, што ў сувязі з рэканструкцыяй вуліц і будынкаў, узвядзеннем новых жылых мікрараёнаў неабходна, каб горад набыў сваю індывідуальнасць, праглядалася сувязь з гістарычным мінулым.

Вядучы: на свяце горада Дзяржынска з нагоды 870-годдзя старшыня Дзяржынскага райвыканкама М.І.Арцюшкевіч падкрэсліў, што Дзяржынскі раён глядзіць у будучае з упэўненасцю, жыхары нашага рэгіёна ўносяць годны ўклад ва ўмацаванне роднай Дзяржыншчыны.

Вынікі працы за 2015 год.

Прамысловасць

Аб’ём вытворчасці склаў 159,5% да паказчыкаў 2014 года. Экспарт тавараў – 149,7 долараў ЗША.

Сельская гаспадарка

Сёння Дзяржынскі раён займае лідыруючыя пазіцыі па вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі не толькі ў Мінскай вобласці, але і ў краіне. Ураджайнасць зернавых і зернебабовых культур вырасла з 35,6 ц/га ў 2011 годзе да 57,5 ц/га ў 2015 годзе, калі быў дасягнуты лепшы за ўсю гісторыю раёна паказчык вытворчасці зерня – больш за 119 тысяч тон. Гэты вынік замацаваў за Дзяржынскім раёнам лідыруючыя пазіцыі па вытворчасці зерня ў Мінскай вобласці. Прагнозны паказчык па росце валавай прадукцыі ў галіне жывёлагадоўлі выкананы на 107,0%. Вытворчасць малака вырасла на 8,7%. Удой на карову павялічыўся на 302 кг і склаў 6727 кг.

Гандаль

Для павелічэння рознічнага таваразвароту праз усе каналы рэалізацыі на 4,5% у 2014 годзе будзе ўдасканальвацца гандлёвая інфраструктура раёна, расшырыцца асартымент тавараў, укараняцца сучасныя метады гандлёвага абслугоўвання насельніцтва і актыўныя формы гандлю.

Ужо адчыніліся магазіны: “Еўраторг” (пасёлак Энергетыкаў), “У Міколы” (горад Дзяржынск). Плануецца ўвесці ў эксплуатацыю магазін “Вікас” у мікрараёне Раднікі, аб’екты ў рэканструюемым будынку гандлёвага комплексу па вуліцы Савецкай у Дзяржынску, адчыніць новыя фірменныя секцыі “Марк Фармэль”, “Эль Артура” Дзяржынскага райпа і аднавіць работу раней зачыненых сельскіх магазінаў.

Касмічныя гарызонты

Касмічныя гарызонты адкрыліся перад нашай краінай пасля ўвядзення ў эксплуатацыю на тэрыторыі Дзяржынскага раёна цэнтра кіравання палётам першага беларускага падарожніка сувязі – сумеснага праекта кітайскай карпарацыі “Вялікая сцяна” і РПУП “Завод дакладнай электрамеханікі”.

Сацыяльная сфера

Творчыя калектывы і індывідуальныя выканаўцы ўстаноў культуры раёна ў 2015 годзе прынялі ўдзел у 116 конкурсах і фестывалях міжнароднага, рэспубліканскага, абласнога і рэгіянальнага ўзроўняў, заваявалі 146 дыпломаў, у тым ліку 78 міжнароднага ўзроўню, з якіх 4 – гран-пры і 42 першых месцы. Завершана рэканструкцыя раённага гісторыка-краязнаўчага музея. Новыя экспазіцыі папоўнены сучасным абсталяваннем, мультымедыйнымі сістэмамі, інфакіёскамі, плазменнымі панэлямі, відэаэкранамі.

Адукацыя

Якасную і даступную адукацыю забяспечваюць 49 устаноў, 1131 педагагічны работнік, для якіх галоўныя прагнозныя паказчыкі – гэта ўзровень духоўна-маральнага выхавання і інтэлектуальнага развіцця дзяцей, умацаванне здароўя, стварэнне ўмоў для рэалізацыі іх здольнасцей і талентаў. У абласным конкурсе "За дасягненне высокіх паказчыкаў у развіцці адукацыі” на лепшую арганізацыю работы па развіцці рэгіянальнай сістэмы адукацыі па вынікам 2015 года аддзел адукацыі, спорту і турызму заняў 1 месца.

Па вынікам цэнтралізаванага тэсціравання 4 вучэбныя ўстановы адукацыі раёна ўваходзяць у рэйтынг лепшых устаноў адукацыі Рэспублікі Беларусь: гімназія №1 г.Дзяржынска, гімназія г.Дзяржынска, гімназія г.Фаніпаля, Негарэльская сярэдняя школа №1. У розных творчых конкурсах, спартыўных спаборніцтвах заваявана 368 дыпломаў абласнога, рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўню.

Ахова здароўя

У 2015 годзе палепшана матэрыяльная база ўстаноў аховы здароўя., адкрыта аддзяленне гемадыялізу, пачата цеплавая рэабілітацыя тэрапеўтычнага корпуса бальніцы.

Вучні групы падтрымкі ўдакладняюць, што ў першым паўгоддзі 2016 года на фоне крызісу, які аказаў уплыў на работу большасці прадпрыемстваў, тым не меньш змаглі забяспечыць выпуск высакаякаснай прадукцыі, дынамічнае развіццё і сацыяльную стабільнасць.

Апаненты ўдакладняюць, што сёння Дзяржынскі раён больш сельскагаспадарчы, займае лідыруючыя пазіцыі па вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі не толькі ў Мінскай вобласці, але і ў рэспубліцы.

Гледачы падтрымліваюць вядучага і прыводзяць канкрэтныя лічбы развіцця прадпрыемстваў, сацыяльнай сферы на тэрыторыі іх мясцовасці.

Вядучы. Госці заглянулі ў нашы хаты, дык пройдземся з імі па вуліцах вашых вёсачак, г.Дзяржынска, г.Фаніпаля. Куды ў першую чаргу вы хацелі запрасіць гасцей і што ім паказаць (вучні з замілаваннем расказваюць аб прыгажосці сваёй мясціны, апаненты пытаюцца, ці ўсім задаволены вучні на сваёй малой радзіме, што яны хацелі змяніць, пабудаваць, пасадзіць, стварыць і г.д.).

Напрыклад, вучні ДУА “Дзямідавіцкі ВПК дзіцячы сад – базавая школа” прынясуць на ўрок цікавыя даследаванні, якія былі зроблены членамі савета музея “Рамёствы Беларусі” ў час вандроўкі па мясцовасці, у якой знаходзіцца школа. Абавязкова раскажуць пра цікавыя таямніцы назваў вёсак Юцкі, Дзямідавічы, Навасады і г.д. Паслухайце адну з легенд. ”Жыў у мясціне, дзе цяпер в.Юцкі, чалавек, працаваў на паноў. Спадабалася яму дзяўчына, якую звалі Гапкай. Павянчаліся яны ў царкве і пачалі жыць разам. Усё добра ў іх ладзілася, але праз пэўны час заўважыў муж за жонкай розныя дзівацтвы. Пачаў сачыць за Гапкаю і ўбачыў яе за выкананнем вядзьмацкіх абрадаў. Калі раскрылася ўся праўда, ператварыла жонка мужа ў сабаку. І стаў ён блукаць па свеце, пакуль не сустрэў добрую жанчыну, якая займалася магіяй. Па вачах здагадаўшыся, хто стаіць перад ёю, вырашыла зноў ператварыць сабаку ў чалавека. А потым расказала, што Гапка – дачка злога чарадзея Юцка, які перадаў свае здольнасці дзецям. Вырашылі змоўшчыкі адвучыць ведзьмачку ад яе занятку. Цяпер ужо муж з дапамогай зёлак ператварыў жонку ў кабылу, вывеў яе за ваколіцу і пачаў лупцаваць папругаю. А на гэты час па дарозе ехаў пан. Спыніўся ён і запытаў: “Чаму здзекуешся з жывёлы?” Расказаў чалавек пра свае прыгоды. “Разбірайся сам са сваімі Юцкамі,” – мовіў у задуменні пан і паехаў далей. З таго часу за паселішчам і замацавалася назва Юцкі.

Вучні прапанавалі б гасцям абавязкова наведаць Юцкоўскія крыніцы, гідралагічны помнік прыроды рэспубліканскага значэння. Яны знаходзяцца за Юцкамі, недалёка ад дарогі, у глыбокім крутым рове, пакрытым зверху хмызняком. Каля дзясятка вадзяных струменьчыкаў, што выцякаюць з-пад зямлі, утвараюць празрысты ручай, які цячэ па камяністым русле і бяжыць у бок ракі Слаўкі, а потым і да Усы. Вада тут сапраўды сцюдзёная, і, кажуць, карысная для здароўя. Набраная ў ёмістасці, яна працяглы час не губляе сваіх уласцівасцей. Гэту незвычайную прыродную з’яву мясцовыя жыхары тлумачаць наступным паданнем. Некалі на гэтым месцы стаяла царква. У час набажэнства яна раптоўна пайшла пад зямлю. Людзі мяркуюць, шмат грэшнікаў сабралася ў той дзень. А праз пэўны час тут заструілі крыніцы. Кажуць, у нядзелю, калі прыслухацца, з глыбінь можна пачуць званы. Мясцовыя старажылы ўспаміналі, калі ў Навасадах была царква, на вадохрышча людзі хросным ходам ішлі да Студзянца (гэта сучасныя Юцкоўскія крыніцы) за вадою.

Усіх гасцей вучні запросяць у школьны музей “Рамёствы Беларусі”, дзе прывабяць раздзелы “Ручнік – дарога жыцця”, “Сялянская хата”, “Ткацтва і вышыўка”, “Традыцыйныя прылады працы”, “Ганчарства”, “Лён – наша багацце”. Вучні на працягу ўсяго перыяду навучання знаёмяцца з традыцыйным календаром беларускага народа, які ўключае такія святы і абрады, як “Калыханка”, “Камаедзіца”, “Каляды”, “Ляльнік”, “Багач”, “Масленіца” і іншыя. Яшчэ адна экспазіцыя заўсёды прыцягвае ўвагу ў школьным музеі – гэта калекцыя лялек. Кожны экспанат выкананы ў стылі традыцыйнай славянскай цацкі і ўвасабляе свой непаўторны сэнс.

Вядучы: “Люблю свой край, старонку гэту, дзе я радзілася, расла.”.

Мая весачка! Яна, як матуля, без якой не нараджацца, не жыць, не дыхаць. І словы гэтыя сталі гучаць па-народнаму проста и шчыра, адкрыта і даверліва. Напэўна, кожны ў сваёй душы мае штосьці падобнае да гэтага пачуцця, а можа, і нешта большае, непадуладнае слову. Калі птушкі прылятаюць з далёкага выраю назад, на свае балоты, ва ўтульныя зялёныя шаты беларускіх лясоў, ведаю: імі кіруе вялікае прыцягальнае пачуццё, значыць, і яны пакланяюцца роднаму краю.

Жывём мы на гэтай чароўнай багатай зямлі і за штодзённымі клопатамі не заўважаем яе хараства, прывыкаем да ўсёй гэтай прыгажосці. І па-сапраўднаму адчуваем сваю малую радзіму толькі ўдалечыні ад яе. Як хочацца тады пачуць гучанне роднай мовы, убачыць роднае неба, уздыхнуць роднага паветра. (Вучні расказваюць аб традыцыях і звычаях роднай вёскі).

З маленства мне запалі ў душу словы Я Коласа: “Вобразы мілыя роднага краю, смутак і радасць мая..” Чамусьці амаль з кожным годам яны набываюць для мяне новы змест, па-новаму кладуцца на старонку нашага жыцця, увесь час зменлівага. Мы радуемся спеву птушак, жытняму коласу, высокаму лёту журавоў, зялёнаму бору. Менавіта на гэтай зямлі жывуць цудоўныя знакамітыя людзі.

Вучні групы падтрымкі раскажуць пра знакамітых людзей (Напрыклад пра Таццяну Захожую, машыніста-трактарыста РС ДУП “Путчына”).

Вучні-апаненты. Так шмат знакамітых людзей выраслі і працуюць на Дзямідавіцкай зямлі, але нам хочацца расказаць пра працавітых, прыгожых, сціплых людзей, якія ствараюць дабрабыт нашай вёсачкі (расказ пра іх).

Вядучы. А што кожны з вас можа зрабіць для сваёй вёсачкі, каб жыць у ёй станавілася ўсё лепш і лепш?

Паслухайце адну гісторыю. Ці то полем, ці то лесам ішлі тры падарожнікі. Ішлі яны тры дні і тры ночы ды яшчэ паўдня. Прытаміліся. Прыселі. Раптам чуюць – спявае нехта.

Прыслухаўся першы:

  • Відаць, жаўранак.

  • Не, кажа другі - гэта лес шуміць.

А трэці прыпаў вухам да зямлі і прашаптаў:

-Ды гэта ж зямля спявае.

Вось якая яна, наша зямля беларуская. Таму ў нас і песні, і танцы.

Нашы выдатныя пісьменнікі Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч, Элаіза Пашкевіч, Канстанцыя Буйло любілі наш край і гэту любоў адлюстроўвалі ў вершах. (Вучні чытаюць вершы)

Працягваюць гэту традыцыю і нашы землякі. Сёння у нас прысутнічае наш зямляк, паэт, ветэран педагагічнай працы, член раённага літаратурнага клуба “Вытокі” А.Анісовіч.

Дыскусія. Уявіце, што вы сталі дарослым, знакамітасцю, спецыялістам у пэўнай прафесіі, вас нешта не задавальняе і ў замежным туры вам прапанавалі пераехаць і жыць у прэстыжным месцы, з высокай аплатай, вілай, машынай. Але грамадзянства трэба змяняць. Якое вы прымеце рашэнне?

У кожнага з нас ёсць свой куточак – свая маленькая радзіма. Гэта той горад, вёска, тая вуліца і той дом, дзе мы нарадзіліся, дзе зрабілі свае першыя крокі, сказалі першае слова, пазналі першыя радасці. Магчыма, калі мы станем старэйшымі, зможам больш глыбока ацаніць, зразумець і палюбіць нашу вялікую Радзіму, нашу краіну. Хоць у глыбіні сэрца, кожны з нас адчувае шчырую любоў да сваёй краіны. Але, мне здаецца, што сёння нам бліжэй, даражэй і больш зразумела наша маленькая радзіма – дом нашых бацькоў, дзядуль і бабуль. Думаючы, аб гэтай радзіме, мы думаем аб самым раннім дзяцінстве. І ў гэтыя хвіліны ўспамінаю матчыны рукі, якія дапамагалі мне цвёрда стаяць на нагах, адчуваю непаўторны смак свежых ягад, калі бабуля прынесла мне жменю трускавак, толькі што сарваных з градкі. Нават цяпер адчуваю – такіх не купіш ні ў магазіне, ні на рынку. Бо яны з нашых родных мясцін, з нашай маленькай радзімы.

З ранніх гадоў бацькі прывілі мне любоў да роднай прыроды. І цяпер я ніколі не сарву пяшчотнай кветкі, не спужаю птушак, якія шчабечуць на галінцы. Мне і самому хочацца захаваць гэтую прыгажосць, таму што ў маіх сілах дапамагчы сваёй роднай зямлі. Цяжка сказаць, якая радзіма чалавеку даражэй – маленькая ці вялікая. Мне здаецца, што і вялікая, і малая радзіма аднолькава неабходны. І я іх люблю. Больш таго, гэта – неразрыўнае цэлае. Увесь навакольны свет – уся Радзіма.

Вядучы. Якія словы вы б сказалі напрыканцы нашай сустрэчы сваёй вёсачцы яе людзям?

Першы вучань. Нізка кланяюся табе за тое, што ўзгадавала мяне сярод сваіх палёў і лугоў, сярод дуброў шумлівых, ля крыніц гаючых, сярод гаёў пявучых.

Другі вучань. Шчыра дзякуй за тое, што напоўніла маё сэрца любоўю да сваёй Бацькаўшчыны, да роднай мовы, навучыла паважаць і шанаваць сваіх продкаў, народныя традыцыі і культуру.

Трэці вучань. Дзякую за самае высокае, блакітнае неба, самае чыстае, самае салодкае паветра.

Чацвёрты вучань. Я шчаслівы ад таго, што жыву сярод шчырых, дабразычлівых, працавітых, памяркоўных і самых сумленных людзей.

Вядучы. Мы з вамі жывём на цудоўнай беларускай дзяржынскай зямлі, за якую моцна трымаемся сваімі каранямі і таму і не страшаць нас ніякія жыццёвыя віхуры, бо мы ўпэўнены нам заўсёды дапамогуць, і сам ганаруся, што я з вёсачкі Юцкі Дзяржынскага раёна.

 

Нататкі да ўрока ў пачатковых класах

Абсталяванне ўрока: карта Дзяржынскага раёна, карта Беларусі, абазначаны населены пункт, выстава кніг па тэме, выстава дзіцячых малюнкаў “Край мой родны”, камп’ютар, тэлевізар ЖКЛ.

Вучань або настаўнік чытаюць верш:

На карце вялікага свету

Яна, як зялёны лісток.

Песня гарачага лета, крынічнай вады глыток.

Адвечная калыханка, душы запаветны куток,

Трапеча гарачым ранкам

На дрэве нястомны лісток.

А ў навальніцу б’ецца, нябачна паміж лісця,

Як родная матчына сэрца,

Што мне даражэй жыцця.

Рабяты! Як вы думаеце, аб чым пойдзе размова сёння на ўроку, (адказы дзяцей).

Так, мы сёння будзем падарожнічаць па малой радзіме.

Вы даведаецеся шмат цікавага і падзеліцеся сваімі ведамі з аднакласнікамі.

За кожны правільны адказ члены мікрагрупы бяруць кветку з кошычка і размяшчаюць яе на зялёных палянках, якія ляжаць у вас на стале.

Настаўнік. Што значыць малая Радзіма? Гэта месца на зямлі, дзе чалавек нарадзіўся і рос, дзе знаходзяцца магілы яго продкаў, дзе ён пазнаў першыя радасці і нягоды.

Заданні мікрагрупам, выконваюцца па чарзе

Верш аб малой Радзіме.

Заданне - скласці чатырохрадкоўе аб роднай вёсачцы, горадзе.

А ў родным краі і бярозкі іншыя,

І духмяны бэз, зялёная таполя.

Шмат месц на зямлі, толькі на нашай Дзяржыншчыне

Можа кожны па сэрцы знайсці вугалок.

З чым у вас асацыюецца слова “Радзіма”?

Адказ. З домам, з дваром, з мамай, з бярозкай.

Настаўнік. Заплюшчыце вочы, а я скажу слова (слова малая радзіма), а вам патрэбна адказаць, што вы ўявілі.

Раскажыце, што вы ўбачылі. Якія розныя вы ўявілі сабе малюнкі?

Заданне “Мастак.”

На нейкі час я прапаную вам стаць мастакамі. Але маляваць вы будзеце не фарбамі, а словамі. Неабходна стварыць карціну аб нашай радзіме - Беларусі, часцінкай якой з’яўляецца наш горад і веска.

Кожнае прыгожае слова вам патрэбна растлумачыць.
Сінявокая – у нас шмат прыгожых рэк, на палях цвітуць сінія васількі.

Зялёная – шмат лясоў, лугоў, палёў.

Лепшая – таму што гэта наша Радзіма.

Дружалюбная - беларусы - народ дужалюбны і гасцінны..

Белая – белы колер – колер дабра і чысціні. З даўніх часоў беларусы любілі надзяваць белыя льняныя кашулі.

Прыгожая – у нас шмат прыгожых гарадоў, вёсак, вуліц, плошчаў.

Працавітая – у Беларусі жывуць працавітыя людзі, якія вырабляюцьць шмат неабходных рэчаў.

Лясная – шмат лясоў, пушчаў.

Цудоўная – у нас цудоўныя вырабы з саломкі, гліны, дрэва.

Шчодрая – беларуская зямля вельмі шчодрая, яна дарыць багаты ўраджай ягад і грыбоў, агародніны і садавіны.

Талерантная – у Беларусі жывуць добрыя людзі, яны паважаюць іншых людзей, лічацца з іх меркаваннем. У іх шмат сяброў.

Заданне. У кожнай зямлі ёсць свая святыня. Як вы разумееце гэты выраз? ( слова святыня” ад “святы”, што азначае “ісцінны”, “велічны”). На вашай зямлі таксама ёсць свае святыні, раскажыце аб іх.

Заданне. Кожнае свята ў вёсачцы ці горадзе было звязана з пэўным абрадам, песнямі, прыметамі. Раскажыце , якія абрады захаваліся ў вашай мясцовасці.

(1.Каб быць здаровым увесь год, трэба было ў Чысты чацвер перад Вялікаднем абавязкова да ўсходу сонца памыцца ў лазні.

2.На Троіцу свой дом упрыгожваюць галінкамі ліпы, бярозы або клену.

3.На Купалле плялі вянкі, пускалі іх па рацэ, вадзілі хараводы і шукалі на шчасце “папараць-кветку”).

Настаўнік. Я ведаю, што вы падрыхтавалі адзін другому пытанні. Зараз мы правядзём турнір “Ты – мне, я – табе”

1 група. Колькі насельніцтва пражывае ў вашым горадзе, вёсачцы? У Дзяржынскім раёне?

На беразе якой ракі стаіць горад Дзяржынск або ваша вёсачка?

Якая самая вялікая рака цячэ па тэрыторыі Дзяржынскага раёна?

2 група. З якімі раёнамі мяжуе Дзяржынскі раён? Пакажыце на карце.

Якія птушкі і жывёлы жывуць у лясах мясцовасці, дзе вы жывеце?

3 група. Назавіце дзяржаўныя сімвалы Дзяржынскага раёна.

Якія расліны ў вашай мясцовасці занесены ў Чырвоную кнігу?

4 група. Чаму часта дзяржынцаў называюць “бульбашамі”?

Што адлюстравана на гербе г.Дзяржынска?

Практычнае заданне. З палосак каляровай паперы выбраць палоскі адпаведнага колеру і скласці (прыклеіць на ліст і размясціць палоскі такім чынам, каб яны адпавядалі паслядоўнасці колераў).

1 і 2 групы – сцяг Беларусі.

3 і 4 групы - сцяг Дзяржынскага раёна.

Заданне. Напішыце назву вашай вёскі або горада і на кожную літару прыдумайце прыгожае слова , якое трэба растлумачыць.

Адказы вучняў.

Заданне. Якія прыказкі аб роднай старонцы вы ведаеце.

1. Родная старонка – маці, чужая – мачаха.

2. Дзе хто нарадзіўся, там і прыгадзіўся.

3. Кожнаму міла свая старана.

4. Без кораня і палын не расце.

5. На роднай старонцы і каменьчык знаёмы.

Заданне. Закончыце сказ.

Мая малая Радзіма - гэта….

Я люблю яе за ……

Я хачу пажадаць ёй ……..

Экскурсія па горадзе, вёсачцы.

Прэзентацыя (слайды, прагучыць верш).

Мой мілы край – зямля, дзе я нарадзіўся,

дзе першыя сцяжынкі пратаптаў.

З табой сэрцам з дзяцінства парадніўся,

Цябе я малой Радзімай назваў.

Пажадана запрасіць на ўрок кагосьці са знакамітых людей вёскі, горада, спытаць, за што яны любяць свой родны горад, вёску.

А цяпер, рабяты, падлічыце, колькі кветак кожная мікрагрупа пасадзіла на сваёй палянцы (узнагароджанне дыпломамі, кнігамі, цацкамі, цукеркамі).

Настаўнік. Вось і закончыўся наш урок. Вы пераканаліся, колькі цікавага, таямнічага схавана ў нашай гісторыі. Але мы дакрануліся толькі да малюпасенькай яе часцінкі. Калі вы будзеце цікавіцца гісторыяй малой радзімы, адкрыеце шмат таямніц. Напрыканцы, паслухайце легенду аб беларусах.

Бог дзяліў паміж народамі землі. Адным – тое, другім – гэта.

Прыйшлі беларусы… Яны вельмі спадабаліся Богу. Ён і пачаў нас надзяляць: “Рэкі вам даю поўныя, пушчы – бясконцыя, азёры – незлічоныя. Гарачыні ў вас ніколі не будзе, але і моцных маразоў таксама. Ніколі не будзеце галоднымі. Не ўродзіць бульба, дык уродзіць жыта або яшчэ што-небудзь. А яшчэ звяры і птушкі ў пушчах статкамі, рыба ў рэках – касякамі, пчолы ў вулях – мільёнамі. А травы духмяныя – як чай. Не будзеце галадаць.

Жанчыны ў вас будуць прыгожыя, дзеці – моцныя, сады - багатыя, грыбоў і ягад – заваліся. Людзі вы будзеце таленавітыя, на музыку, песні, вершы – здольныя. І будзеце жыць ды жыць…”

Рэфлексія.

  • Спадабаўся вам урок?

Вельмі спадабаўся.

  • Спадабаўся але засталіся пытанні, на якія хацелася б атрымаць адказы.

Думаю, што вы станеце ў будучым вартымі грамадзянамі сваёй краіны і здейсніце шмат добрых і карысных спраў.

 

Усе ўрокі заканчваюцца рэфлексіяй.

 

Метадыст раённага вучэбна-метадычнага кабінета
Г.Ю.Бурынская


Метки: методические рекомендации урок



Нет комментариев



Добавить комментарий

Год малой родины
Внешние ссылки
Cайт Президента Республики Беларусь
Министерство образования
УО Миноблисполкома
ГИАЦ МО РБ
Комитет по образованю МИНГОРИСПОЛКОМА
Официальный сайт Дзержинского райисполкома
АДУКАЦЫЙНЫ ПАРТАЛ
Официальный сайт Тихвинского городского поселения
Официальный сайт Тихвинского района
Детский правовой сайт
Национальный правовой Интернет-портал Республики Беларусь
Дзержинская районная библиотека

© 2002-2019 SCHOOLNET.BY

Всё нужное - просто, всё сложное - не нужно